спосаб зваркі матэрыялаў з дапамогай ультрагуку. Адбываецца без расплаўлення матэрыялу пры т-ры 200—600 °C у выніку дзеяння сіл трэння паміж інструментам і матэрыялам. Выкарыстоўваецца для зваркі ў асн. ліставых металаў, сплаваў, пластмас у радыё-, электратэхн., электроннай прам-сці, медыцыне.
Крыніцай ультрагукавых ваганняў служыць магнітастрыкцыйны пераўтваральнік. Ён злучаны з акустычным канцэнтратарам, аснашчаным зварачным інструментам (метал. наканечнікам з цвёрдага сплаву), які прыціскаецца да матэрыялаў, што злучаюцца, вібрыруе з ультрагукавой частатой і ўтварае трывалае шво. Пры У.з. дэталей рознай таўшчыні адна з іх павінна быць тонкай (да 1 мм).